ВО́РНЫЯ ЗЕ́МЛІ,

сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія сістэматычна апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца пад пасевы с.-г. культур. Да іх належаць палі севазваротаў (у т. л. папар), агароды, іншыя асвоеныя і падрыхтаваныя для пасеваў землі. Ворныя землі падзяляюць па відах землекарыстальнікаў і катэгорыях зямель, на асушальныя і арашальныя, у залежнасці ад прыродных уласцівасцей глебы. Якасную ацэнку ў вытв. умовах вызначаюць баламі банітэту. Пашыраюць плошчы ворных зямель за кошт асваення цалінных зямель, участкаў малакаштоўнага лесу, хмызняку, асушэння, арашэння, рэкультывацыі зямель і інш.

На Беларусі плошча ворных зямель складае 6,1 млн. га (каля 63% пл. с.-г. угоддзяў; 1995); з улікам колькасці насельніцтва на кожнага жыхара прыпадае каля 0,6 га ворных зямель (на Украіне — 0,65 га, у Літве — 0,61, Польшчы — 0,37, Германіі — 0,15, ЗША — 0,72 га). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (51,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,5%) глебы. Ворныя землі звязанага грануламетрычнага складу пераважаюць у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, лёгкія глебы найб. пашыраны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Завалуненасць у сярэднім 26,4%. Банітэт 35—38 балаў. Павышэнне ўрадлівасці ворных зямель адбываецца за кошт аптымізацыі аграхім. мерапрыемстваў, рэгулявання водна-паветр. рэжыму, выдалення камянёў і інш. Ва ўмовах рэспублікі павелічэнне ворных зямель, плошча якіх скарачаецца ў выніку адводу зямель пад аб’екты буд-ва, торфараспрацоўкі і інш., магчыма за кошт гідрамеліярацыі інш. с.-г. угоддзяў.

Л.В.Круглоў.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)